ШКОЛЕ – ТВОРЧАСЦЬ
ДАПАМАГЧЫ БАЧЫЦЬ СВЯТЛО
Раённыя V Свята-Кірыла-Тураўскія педагагічныя чытанні адбыліся на базе СШ №1 г. Мікашэвічы.
Школа над возерам гасцінна сустрэла ўдзельнікаў – іх вітала дырэктар Людміла Валянцінаўна Насеня. У гонар 500-годдзя беларускага кнігадрукавання мікашэвіцкія бібліятэкары падрыхтавалі выставу праваслаўнай літаратуры, а гаспадары правялі экскурсію па музею Буквара.
Прадстаўнікі духавенства, у тым ліку – клірык храма Ражства Іаана Прадцечы г. Мікашэвічы іерэй Аляксандр Масяйчук, і амаль 150 неабыякавых настаўнікаў абмяркоўвалі пытанні духоўна-маральнага выхавання моладзі праз супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі і праваслаўнай царквы. Тон сустрэчы шчырым выступленнем задала метадыст вучэбна-мэтадычнага кабінета Марына Грушэўская.
Яна расказала прытчу, як розныя людзі глядзелі на паперу з кляксай, заўважылі толькі пляму і ніхто не ўбачыў белы аркуш. На думку Марыны Міхайлаўны, менавіта свяшчэнства дапамагае педагогам – “сейбітам разумнага, добрага, вечнага” – выхоўваць у навучэнцаў успрыняцце свету ў чысціні і святле.
Памочнік благачыннага па рэлігійнай адукацыі, настаяцель лунінецкага храма іконы Божай Маці “Взыскание погибших” іерэй Сергій Крышталь нагадаў аб сёлетнім 100-годдзі Кастрычніцкай рэвалюцыі. Вельмі супярэчлівая падзея ў гісторыі краіны, яна адзначана праследаваннем хрысціянства, крыжовым шляхам тысяч свяшчэннамучанікаў.
На пленарным пасяджэнні канкрэтнымі фактамі характарызавалі цяжкае становішча царквы на працягу амаль 70 год настаўніцы гісторыі мікашэвіцкіх СШ №1 – Ева Георгіеўна Галік і гімназіі імя У.І. Нядзведскага – Наталля Іванаўна Баброўнік, кіраўнік аддзела па кананізацыі святых Пінскай епархіі, клірык Свята-Варварынскага храма г. Пінска, кандыдат багаслоўскіх навук протаіерэй Сергій Рабой. Лейтматывам выступленняў было шчырае жаданне недапушчэння падобнага ў сучаснасці, гармоніі ў адносінах паміж дзяржавай і праваслаўем.
Аб прыкладах маральнай падтрымкі шматпакутнага старэйшага пакалення і людзей з асаблівасцямі развіцця паведаміў Анатоль Кустрэй – загадчык Мікашэвіцкага аддзялення ГУ “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, што на працягу трох год дзейнічае ў маладым горадзе. Анатоль Мікалаевіч выказаў падзяку настаўнікам, шэраг якіх сталі яго паплечнікамі па новай справе.
Работа ўдзельнікаў чытанняў працягнулася ў сэкцыях, якімі кіравалі М.М. Грушэўская, намеснікі дырэктараў – СШ №2 г. Лунінца Наталля Вітальеўна Бойка і Дзятлавіцкай СШ – Ірына Міхайлаўна Молчан, прадстаўнікі гімназіі г. Лунінца – настаўніца Ірына Аляксандраўна Грушэўская і бібліятэкар Ірына Пятроўна Раманчук.
Гэта былі сапраўды духоўныя гутаркі – на разнастайныя пытанні педагогаў адказалі настаяцель храма Ражства Багародзіцы протаіерэй Валерый Скрабец, кандыдаты багаслоўскіх навук – памочнік благачыннага па місіянерскай рабоце, настаяцель Спаса-Прэабражэнскага храма в. Язвінкі протаіэрэй Сергій Чыж і кіраўнік прэс-службы Пінскай епархіі, настаяцель Свята-Параскевінскага храма в. Альшаны іерэй Іаан Гарбуноў. Дарэчы, госць са Столінскага благачынія, якое праз Прыпяць мяжуе з маладым горадам, быў удзельнікам 11-ці з 12-ці чытанняў, што арганізоўваліся ў раёне (7 – у Лунінцы, 5 – у Мікашэвічах). Мясцовы падарунак бацюшку падрыхтавалі настаўнікі Багданаўскай СШ і запрасілі свяшчэнніка ў зручны час зазірнуць у аддаленую школу. Упершыню наведала Мікашэвічы сястра Алена (Якаўчук) са Свята-Варварынскага манастыра г. Пінска, якая курыруе бібліятэкі епархіі. Матушка выказала захапленне адкрытасцю душ педагогаў нашага краю, а яе просьба была высокай ацэнкай сустрэчы:
–Запрашайце і на іншыя чытанні – з радасцю прыеду…
Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота Валянціны СКРАБЕЦ.