Разделы сайта

Главная

Архив новостей

19.11.2013

“АрхНавацыя – 2013”

   У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі г.Мінска на дадзены момант працуе выстава лепшых твораў Рэспубліканскага конкурсу “АрхНавацыя – 2013”, якія прысвечаны роднай краіне ў вобразах беларускіх архітэктурных топасаў. Вельмі прыемна, што ў экспазіцыі прадстаўлены работы і вучняў нашага раёна. Але аб усім па парадку.
У пачатку восені прайшоў раённы этап гэтага конкурсу. Лепшыя работы былі дастаўлены для ўдзелу ў абласным этапе. Прайшоўшы гэты этап, далей лепшыя работы паехалі ў г.Мінск , дзе іх ацэньвала прафесійнае журы на чале з дэканам мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Аляксандрам Прохаравым. Вызначана 14 пераможцаў і 22 прызёры конкурсу, чатыры з іх - работы нашых вучняў.  Для параўнання: удзельнічалі болей 1 000 работ (толькі ў апошнім этапе), болей 1 000 навучэнцаў з 270 устаноў адукацыі ўсіх рэгіёнаў краіны.
   Сардэчна віншуем з перамогай вучняў Любачынскай сярэдняй школы Ванюка Уладзіслава (кіраўнік Дубініч Наталля Міхайлаўна) і Дубініч Алену (кіраўнік Насковіч Ала Адамаўна) і  вучняў Лунінскай сярэдняй школы Сацкевіч Дар’ю і Корчык Хрысціну на чале з таленавітым педагогам Багданец Нінай Якаўлеўнай, якая ўжо, дарэчы, у мінулым навучальным годзе удзельнічала разам са сваімі вучнямі ў гэтым конкурсе, іх работа атрымала дыплом у рэспубліцы і яны ўдзельнічалі ў цырымоніі ўзнагароджання. Прыемна, што гэта становіцца добрай традыцыяй! Спадзяемся, што і ў наступным навучальным годзе наш раён не стане выключэннем, а арганізатары конкурсу абяцаюць, што конкурс абавязкова адбудзецца і будзе пашыраны новымі намінацыямі.
   У гэтыя выхадныя, а менавіта 23 лістапада, пройдзе ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў “АрхНавацыі – 2013” – маленькія і юныя архітэктары атрымаюць дыпломы і каштоўныя падарункі. Дэлегацыя нашага раёна запрошана на цырымонію!
   Дарэчы, на сайце Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі можна пазнаёміцца са спісам пераможцаў і нават прагледзець знятыя на фотаздымак  работы.