Разделы сайта

Главная

Архив новостей

17.04.2015

Віншуем пераможцаў!

            14 красавіка 2015 года на базе ДУА “Сярэдняя школа №4 г.Лунінца” Брэсцкай вобласці  адбыўся занальны этап абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны”. У мерапрыемстве  прынялі ўдзел маладыя настаўнікі з устаноў адукацыі  Столінскага, Лунінецкага і Пінскага раёнаў.

            У ходзе конкурсу прафесіянальным журы ацэньваліся адкрытыя ўрокі маладых настаўнікаў, самааналіз праведзеных урокаў. Усе канкурсанты прыехалі падрыхтаванымі, мэтанакіраванымі і, безумоўна, са сваёй групай падтрымкі, што сведчыць аб добра наладжанай сістэме работы ў рэгіёнах.

             На конкурс былі прадстаўлены адкрытыя ўрокі па матэматыцы ў 2 класе па тэме “Характэрны сэнс дзеяння множання” (Федаровіч Вольга Мікалаеўна, настаўніца пачатковых класаў ДУА “Сярэдняя школа №14 г.Пінска”), беларускай мове ў 9 класе па тэме “Сказы з ускоснай мовай” (Ярмольчык Таццяна Васільеўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Дубаўская сярэдняя школа” Лунінецкага раёна), па англійскай мове ў 5 класе па тэме “Жывотны свет Беларусі” (Круг Ірына Сяргеяўна, настаўніца англійскай мовы ДУА “Сярэдняя школа №3 г.Століна”), па фізічнай культуры і здароўю ў 7 класе па тэме “Навучанне кіданню мячыка на дальнасць. Кантроль бегу 60 метраў. Развіцце кардынацыйных здольнасцей” (Леўкавец Іван Іванавіч, настаўнік фізічнай культуры і здароўя ДУА “Охаўская сярэдняя школа” Пінскага раёна), па фізіцы ў 11 класе па тэме “Ядзерныя рэакцыі. Законы зберажэння ў ядзерных рэакцыях. Энергетычны выхад ядзерных рэакцый” (Загорнава Віялета Анатольеўна, выкладчык ДУА “Пінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж машынабудавання”).

            Усе канкурсанты вельмі годна справіліся з пастаўленай задачай, аб чым сведчыў іх добры настрой на працягу конкурсу. Эрудыраваныя  маладыя прафесіяналы прыемна ўразілі ўсіх прысутных сваёй асаблівасцю.

            Пры падвядзенні вынікаў конкурсу старшыней журы, начальнікам цэнтра дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі  ДУА “Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі”  Кісялем Андрэем Мікалаевічам, было падкрэслена, што дадзены этап абласнога конкурсу на Лунінецкай зямлі выдаўся вельмі цікавым і разнастайным. Канкурсанты прадстаўлялі розныя прадметы. Урокі прайшлі на адным дыханні і вельмі ўразілі ўсіх членаў журы сваёй непаўторнасцю. Адлічыўся тэмпам і разнастайным наглядным матэрыялам урок настаўніцы пачатковых класаў сярэдняй школы №14 г.Пінска Федаровіч В.М., цудоўна глядзеўся ўрок з мілагучнай беларускай мовай у настаўніцы Дубаўскай сярэдняй школы Лунінецкага раёна Ярмольчык Т.В., веданне методыкі выкладання англійскай мовы прадэманстравала членам журы настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы №3 г.Століна Круг І.С., незвычайнай эрудыцыяй здзівіў членаў журы на ўроку фізічнай культуры і здароў’я настаўнік  ДУА "Охаўская сярэдняя школа" Пінскага раёна Леўкавец І.І., займальнымі доследамі на ўроку фізікі  выкладчык Пінскага каледжа машынабудавання Загорнава В.А.

            Нягледзячы на ўсе прыродныя анамаліі, у ДУА “Сярэдняя школа №4 г.Лунінца”, дзе змагаліся за перамогу канкурсанты, панавала цёплая атмасфера ўзаемапаразумення і чалавечых адносін. Конкурс адбыўся, і яго пераможцай стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Дубаўская сярэдняя школа” Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці, якая прыме ўдзел у фінале конкурсу ў маі ў г.Брэсце.

            Калі маладосць і творчасць крочаць разам – гэта цудоўна! Радуе тое, што ёсць такія маладыя педагогі, у якіх гарыць іскрынка ў вачах, якія з вялікай любоўю глядзяць на сваіх вучняў і добрасумленна адносяцца да сваіх абавязкаў. Поспехаў вам, маладыя настаўнікі! Няхай ваша штодзённая праца прыносіць вам задавальненне і ўсе вашы мары здзяйсняюцца.

 ФОТАМАТЭРЫЯЛЫ