Раздзелы сайта

Галоўная

Архіў навін

04.12.17

Літаратурнае свята “Лунінская восень” 2 снежня зноў сустракала гасцей

Саграваць душы агнём творчасці”

Паэтычная ісціна адлюстроўвала настрой удзельнікаў літаратурнага свята “Лунінская восень”.

Школа ў сяле, што дало назву гораду, 2 снежня гасцінна сустракала шматлікіх гасцей. Гэта былі прадстаўнікі шэрагу ўстаноў адукацыі, якія паспяхова выступілі ў творчым конкурсе. Юбілярам сёлетняга года юныя паэты прысвяцілі свае спробы пяра – і лепшыя вершы былі адзначаны дыпломамі раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму. Метадыст Лунінецкого РУМК Надзея Іванаўна Кацуба ўручыла ўзнагароды.

Вучні і педагогі сталі ўдзельнікамі традыцыйнага свята ў Лунінскай сярэдняй школе. Аб вялікай падрыхтоўчай рабоце сведчылі і мастацкае афармленне школы (ад вестыбюлю да залы), і ўсхваляванасць юных і дарослых гаспадароў. Мясцовыя дзеці, узначальваемыя “Каралевай восені-2017”, сустракалі гасцей спевамі і танцамі, духмяным караваем, а галоўнае – сардэчнымі пачуццямі. Шчырасць прасякала і кароткі экскурс у папярэднія літаратурныя сустрэчы, і паэтычную эстафету ў знаёмстве са школьным краязнаўчым кутком, выставамі кніг і мастацкіх вырабаў.

Шчымлівая нота памяці аб ініцыятары “Лунінскай восені” – Мікалаі Елянеўскім (1948-2013) – суправаджала ўсіх прысутных ад уваходу ў школу, дзе ўсталявана мемарыяльная дошка, да актавай залы, дзе ўдава пісьменніка дзякавала калектыву за ўвекавечанне імя заўчасна пайшоўшага мужа...

Як падарункі для творчых вучняў і настаўнікаў гучалі выступленні вядомых літаратараў – Анатоля Крэйдзіча, Андрэя Мазько, Марыі Кобец. Галоўны рэдактар “Лунінецкіх навін” Таццяна Вайцяхоўская запэўніла, што на раённым узроўні падтрымае намаганні калектыву па прысваенню школе імя Мікалая Елянеўскага.

Натхнёнасць вершамі і ўспамінамі, асаблівая духоўная атмасфера праграмы прымусіла заўважыць, што сустрэча нездарма адбывалася 2 снежня – у дзень, калі ў праваслаўных храмах маліліся памяці свяціцеля Філарэта, мітрапаліта Маскоўскага. Гэта імя непарыўна звязана с Аляксандрам Пушкіным. 26-гадовым, расчараваўшыся ў жыцці, паэт напісаў:

Дар напрасный, дар случайный,

Жизнь, зачем ты мне дана?..

Пессімізм творцы не пакінуў абыякавым высокую духоўную асобу. У тым жа часопісе ён даў публічны адказ паэту:

Не напрасно, не случайно

Жизнь от Бога нам дана

За наступныя 10 год Аляксандр Пушкін напісаў самыя значныя свае творы, за што і ўганараваны тытулам “наша ўсё ў рускай літаратуры. Удзячнасць Філарэту, мітрапаліту Маскоўскаму, за настаўленне на сапраўдны шлях паэт выказаў таксама геніяльна, як і многія іншыя ісціны:

Твоим огнем душа согрета

Отвергла мрак земных сует

Удзельнікам літаратурнага свята хацелася пажадаць такіх жа духоўных настаўнікаў. Для кожнага гэта могуць быць не толькі родныя ці педагогі. Ёсць асветнікі – Францыск Скарына, якога ўшаноўвалі з нагоды 500-годдзя нацыянальнага кнігадрукавання; ёсць класікі беларускай літаратуры – Янка Купала і Якуб Колас, 135-годдзе якіх адзначалі сёлета; ёсць сучасныя пісьменнікі. Святочныя ўражанні няхай увасобяцца ў новыя творы, што, магчыма, прагучаць на “Лунінскай восені-2018” – запрашэнне ўдзельнікі цяперашняй сустрэчы ўжо атрымалі...

Таццяна КАНАПАЦКАЯ. Фота аўтара.